У Іўеўскім музеі нацыянальных культур новая выстава


Per aspera ad astra…

Хварэць зусім непрыемна, нават звычайнай прастудай. Эмілія Шабановіч год таму перанесла аперацыю па перасадцы печані. Яна стала першым чалавекам з нашага раёна, якому зрабілі падобную аперацыю. Успамінае, як доўга не згаджалася на гэты крок, як перажывала, але цягнуць было няма куды. Пра той час не хочацца ні ўспамінаць, ні пісаць, але перад самай аперацыяй Эмілія Халільеўна сказала сабе: “Калі я прачнуся пасля аперацыі, калі я змагу выздаравець, я абавязкова буду займацца сваёй любімай справай, маліцца Алаху, радавацца жыццю і ня падаць духам” . Як кажуць у народзе : “Быў бы век , будзе і лек !
У кожнага з нас сваё жыццё і свой лёс, а вось ужо як менавіта яе пражыць, кожны вырашае сам для сябе. Разнастаіць і напоўніць жыццё фарбамі атрымліваецца ў таго, хто чымсьці захапляецца і знаходзіць сэнс у звычайных буднях. Адны знаходзяць справу для душы яшчэ ў раннім узросце, а іншыя - ужо выйшаўшы на пенсію. Вось і Эмілія Шабановіч сыходзіла на пенсію з думкай аб тым, што нарэшце яна зможа займацца любімай справай.
“Мне захацелася вывучыць малітвы і навучыцца чытаць Каран, - распавядае рэпарцёру газеты Эмілія Халільеўна. - Я пачала маляваць і вышываць менавіта мугіры, цікавіцца рэлігіяй і дзякаваць Алаха за кожны пражыты дзень. Раней у Іўі былі людзі, якія малявалі і нават ткалі мугіры, якія затым у іх куплялі людзі і вешалі ў сваіх хатах і ў мячэці як засцярогі і напамінак пра сваю рэлігію. Такія мугіры я памятаю яшчэ з дзяцінства, некалькі захавалася і ў нас. Раней толькі падобныя працы і ўпрыгожвалі хаты татараў-мусульман, іншых не было. Гэта сёння можна заказаць сабе шыкоўныя мугіры з усходніх краін. Але якімі б шыкоўнымі яны ні былі, каштоўней тыя, што зроблены ўручную і з душой”.
Над стварэннем кожнага мугіра трэба нямала папрацаваць, падабраць колеры, ўзоры і надпіс малітвы на арабскай мове. Малюючы мугіры на шкле Эмілія Шабановіч спачатку робіць накіды на паперы, затым падкладае яе пад шкло і ўжо тады акуратнымі рухамі наносіць контур на абястлушчанае шкло. Гатовы малюнак змяшчаецца ў рамку, а пад яго падкладаецца каляровы кардон, які завяршае ўвесь вобраз, робячы яго поўным.
Акрамя малявання па шкле, мастачка займаецца вышываннем. Бліскаўкамі і пацеркамі яна вышывае малітвы, а крыжыкам - мячэці. Першы гатовы набор для вышывання мячэці ёй прывезла дачка з Мінска. Блакітная мячэць і прырода на вышыўцы атрымаліся так натуральна, што ўсе думаюць, што гэта карціна ці фотаздымак.
Пасля вышыванай гатовай мячэці была вышыта і Іўеўская мяцэць. Спачатку сын намаляваў ёй мячэць, затым мастачка перанесла яе на міліметровую паперу і затым вышывала яе крыжыкам на матэрыяле.
“Я ўдзячная сваім дзецям за падтрымку і дапамога, - распавядае Эмілія Халіеўна рэпарцеру. - З імі я магу параіцца, і яны мяне заўсёды падтрымаюць. Толькі я скажу, што жадала б паспрабаваць маляваць ці вышываць, яны мне ў хуткім часе прывозяць фарбы, ніткі і ўсё прыладдзе для працы”.
Менавіта сын Іван, як сцвярджае мастачка, яе “галоўны крытык”. Для першых работ, ён нават, рабіў самаробныя рамкі, рабіў чарнавыя малюнкі. Ён жа дапамагаў вучыць арабскія літары, каб затым чытаць малітвы. У дзяцінстве Эмілія Халільяўна не вучылася маліцца і не ўмела рабіць намаз.
“З узростам, напэўна, цяжэй навучыцца і ўсё запомніць, - разважае Эмілія. - У арабскай мове адна літара можа чытацца па-рознаму пры пастаноўцы вызначаных апострафаў. Я ўсё ніяк не магла гэта запомніць і зразумець. І я б, напэўна, ужо даўно ўсё закінула. Змаляваўшы некалькі сшыткаў, я ўжо пачала разумець, як прачытаць тую ці іншую літару. Цяпер спрабую чытаць Каран і вывучаю намаз. Для мяне вельмі важна навучыцца ўсё правільна рабіць”.
Рабіць усё на выдатна! – вось сапраўдны дэвіз і галоўная мэта ў мастацтве Шабановіч Эміліі Халільеўны.


Нагадваем 16 лістапада (субота) ў нашым музеі пачне дзейнічаць персанальная выстава Шабановіч Эміліі Халільеўны. Шчыра вітаем усіх!

Супрацоўнікі музея выказываюць вялікую падзяку Марыне Багдановіч за прадастаўленую інфармацыю і фотаздымкі.

207